Сёння мы зноў пагаворым аб прыватнай касманаўтыцы Расіі. Мы ўжо пісалі аб такіх кампаніях як: «КосмаКурс», «Лін Індастрыял», «Азмерыт» і «Гаскол», а таксама аб праектах «Маяк» і Quazar Space. Сёння мы раскажам аб яшчэ адной кампаніі — СПУТНІКС. Гэтая кампанія запусціла першы расійскі прыватны спадарожнік і распрацоўвае мікраспадарожнік і службовыя сістэмы для іх, станцыі кіравання і прыёму спадарожнікавай інфармацыі, а таксама наземную інфраструктуру для функцыянальных выпрабаванняў.

На нашыя пытанні адказаў камерцыйны дырэктар кампаніі Станіслаў Карпенка.

by37-pershaprahodtcy-pryvatnai-kasmanaytykі-y-rasіі-sputniks_02

Станіслаў Карпенка, камерцыйны дырэктар кампаніі

by37-pershaprahodtcy-pryvatnai-kasmanaytykі-y-rasіі-sputniks_03

— Станіслаў, вітаю. Раскажыце, калі ласка, пару слоў пра сябе і сваёй кампаніі.

— Я выпускнік МГТУ ім. Баумана (нататка — Маскоўскі дзяржаўны тэхнічны універсітэт імя М. Э. Баўмана) 2001 г. па спецыяльнасці, звязанай з праектаваннем і кіраваннем касмічнымі апаратамі. З пачатку 2000-х цікавіўся малымі спадарожнікамі з пункту гледжання пабудовы іх сістэм арыентацыі і стабілізацыі, лікавым мадэляваннем, па сутнасці, для ўласнай цікавасці. У 2009–2011 гадах паўстаў цэлы феерверк унікальных магчымасцяў, як па стварэнні «жалеза» для мікраспадарожнікаў, так і па стварэнні сваёй справы; сабралася добрая каманда, паспяхова паляцеў спадарожнік з нашай сістэмай кіравання, з’явілася Сколкава з яго магчымасцямі падтрымаць наш тэхналагічны стартап. На стыку гэтых падзей і з’явіўся СПУТНІКС, які паспяхова функцыянуе да цяперашняга часу.

Калі і ў каго ўзнікла ідэя стварэння СПУТНІКС? Як была створана арганізацыя?

— У 2011 годзе, пасля паспяховага запуску і працы микраапарата «Кнігаўка-М», распрацоўкі Інстытута касмічных даследаванняў РАН (нататка — Расійская акадэмія навук), дзе была ўстаноўлена наша сістэма арыентацыі і стабілізацыі, у нас (генеральны дырэктар СКАНЭКС В. Е. Гершэнзон, Андрэй Патапаў, я, як кіраўнік лабараторыі спадарожнікавых тэхналогій у СКАНЭКС, хлопцы з нашай лабараторыі) паўстала ўпэўненасць, што наша каманда можа больш, чым проста ствараць асобныя бартавыя сістэмы. Мы былі ўпэўненыя, што надыходзіць эра малых спадарожнікаў, якія эфектыўна дапоўняць сваімі магчымасцямі вялікія касмічныя апараты. Вырашылі рызыкнуць і, адлучыўшыся ад нашай матчынай кампаніі СКАНЭКС, пусціліся ў самастойнае плаванне, марачы заняць рынак мікраспадарожнікавых тэхналогій у нашай краіне. Атрыманне гранта Фонду Сколкава зрабіла гэта рэальнасцю.

Калі не сакрэт, якая структура ў кампаніі, колькі супрацоўнікаў?

— У кампаніі ўжо каля трыццаці чалавек. З іх шэсць чалавек гэта адміністрацыя і кіраўніцтва, астатнія — тэхнічныя спецыялісты: праграмісты, электроншчыкі, інжынеры-канструктары, матэматыкі, мантажнікі электронікі. Мы цалкам прыватная кампанія, з зразумелай і празрыстай арганізацыйна-прававой структурай.

by37-pershaprahodtcy-pryvatnai-kasmanaytykі-y-rasіі-sputniks_04
Ці былі нейкія цяжкасці пры афармленні кампаніі? Бо вы адна з першых прыватных касмічных кампаній у Расіі. Якія адносіны з дзяржавай? Падтрымліваюць вас? Калі так, то як?

— Не, асаблівых цяжкасцяў не было. Магчыма, шмат у чым гэта стала магчымым дзякуючы таму, што з самага пачатку мы сталі рэзідэнтамі Сколкава. Гэтая дзяржаўная структура нам дапамагала і дапамагае да гэтага часу ў розных аспектах нашай дзейнасці. Гэта самы яскравы прыклад нашага паспяховага ўзаемадзеяння з дзяржавай. У астатнім мы — звычайная структура ў форме ТАА, якая трымаецца ўсіх законаў, хоць і займаемся даволі незвычайным для нашай краіны бізнесам.

Як да вас можна трапіць на працу? Якую патрэбна мець адукацыю?

— Мы да нядаўніх часоў не абвяшчалі публічных вакансій, але, тым не менш, да нас час ад часу прыходзяць запыты на працаўладкаванне, і мы іх з задавальненнем разглядаем. З самымі цікавымі людзьмі мы стараемся сустрэцца і пагаварыць і падыходных нам спецыялістаў прымаем на працу. Галоўныя крытэрыі: каб чалавек цікавіўся касманаўтыкай, разумеў, навошта ён ідзе да нас, меў добрую адукацыю, быў таварыскі і пазітыўны — мы ж працуем у камандзе і настрой кожнага спецыяліста мае значэнне. Важна, каб спецыяліст быў настроены на вынік, і нават калі штосці ў яго не адразу атрымліваецца — не апускаў рукі і дамагаўся выніку. Важна таксама, каб ён мог весці свой праект ад ідэі, праз рэалізацыю, і да самай эксплуатацыі, адказваючы за ўсе этапы яе жыццёвага цыклу. Гэта азначае неабходнасць вывучэння і пагранічных да сваёй спецыяльнасці задач, узаемадзеянне з іншымі спецыялістамі і г. д. У цэлым, гэта стварае перадумовы для творчасці, хоць і накладвае павышаную адказнасць на распрацоўніка.

by37-pershaprahodtcy-pryvatnai-kasmanaytykі-y-rasіі-sputniks_05
Хто вашыя патэнцыйныя заказчыкі? Заказы толькі з Расіі ці ёсць і замежныя?

— Патэнцыйныя заказчыкі — навуковыя, прамысловыя, адукацыйныя арганізацыі ў Расіі, якія хацелі б правесці ў космасе тэхналагічныя і адукацыйныя эксперыменты. Значна лягчэй стварыць і запусціць у космас невялікі спадарожнік, хай і не вельмі доўгаіснуючы (да пяці гадоў), чым дзесяткі гадоў чакаць запуску вялікага суперспадарожніка, які можа яшчэ і не зарабіць пасля запуску, або датэрмінова папоўніць падводную спадарожнікавую групоўку ў Ціхім акіяне. Ёсць і замежныя заказчыкі, якія даўно ўжо зразумелі ўсе перавагі малых спадарожнікавых праектаў перад вялікімі і даўно іх эксплуатуюць.

Калі чалавек ці кампанія вырашаць запусціць невялікі спадарожнік, што вы можаце ім прапанаваць?

— Калі па максімуму, то прапануем праект пад ключ: дапаможам сфармуляваць задачу ў тэрмінах, зразумелых спадарожнікабудаўнікам, спраектыруем апарат пад пастаўленую задачу, з празрыстай структурай расходаў і зразумелымі тэрмінамі і этапамі, знойдзем носьбіт для вывядзення апарата ў космас, дапаможам прывезці апарат на касмадром і прымацаваць яго да ракеты. Пасля запуску бярэм кіраванне на сябе, вучым кіраваць ім заказчыка, дапамагаем яму ў цяжкіх сітуацыях, а галоўнае — забяспечваем атрыманне з апарата инфармацыі якая цікавіць заказчыка.

by37-pershaprahodtcy-pryvatnai-kasmanaytykі-y-rasіі-sputniks_06
Над якімі праектамі зараз працуеце? Якія самыя буйныя і цікавыя кантракты?

— Вядома, галоўныя нашы праекты — спадарожнікавыя. Ёсць некалькі патэнцыйных заказчыкаў з якімі мы даўно працуем: мы пераконваем іх у тым, што здольныя стварыць для іх канкурэнтаздольны апарат. Так, рэалізацыя спадарожнікавага праекта можа заняць некалькі гадоў, і істотная і, ясная справа, найважнейшая частка працы — перадкантрактныя перамовы, чым мы актыўна і займаемся. Асобна рэалізуем адукацыйныя праекты ў галіне касмічных тэхналогій і ўсе яны для нас — крок у бок развіцця і ўдасканалення нашых спадарожнікавых тэхналогій, а таксама падрыхтоўкі кадраў для кампаній, падобных нашай.

Вашы спадарожнікі даражэй ці танней канкурэнтаў? Калі танней за кошт чаго?

— Нашы спадарожнікі ў большасці выпадкаў танней апаратаў канкурэнтаў за кошт таго, што іх начыненне — нашы ўласныя тэхналогіі або тэхналогіі нашых расійскіх партнёраў. Мы паступова іх ўдасканальваем, адточваем, імкнучыся зніжаць цану, адаптуючы наша жалеза пад патрабаванні заказчыка.

З чым узніклі складанасці ў працы?

— Развіццё ўласных тэхналогій нельга назваць бязбольным; былі тэхнічныя, тэхналагічныя складанасці, былі няўдачы, але ў тым-та і справа, што мы ведаем свае тонкія месцы і стараемся іх умацаваць, выправіць. Ёсць таксама класічныя «праблемы росту», калі кампанія перастае быць стартапам і патрабуе лепшай ўнутранай структурызацыі і наладкі бізнес-працэсаў, але пераадоленне гэтых праблем нас толькі ўмацоўвае. Мы былі гатовыя да іх, і мы іх пераадолеем.

Ужо знайшлі інвестараў? Калі не сакрэт, то, як атрымалася, як прасоўвалі (рэкламавалі) сябе?

— Мы час ад часу сустракаемся з цікавымі людзьмі і адкрыты да зносін з інвестарамі. Пакуль мы самаакупная кампанія, але хочам расці, а для росту патрабуюцца інвестыцыі.

У вас ёсць спадарожнікі на арбіце? Калі ёсць то, якія і дзе прымяняюцца, у якім аддзеле?

— Цяпер адзін наш спадарожнік «ТаблетСат-Аўрора» працуе ў абмежаваным рэжыме, па сутнасці, у рэжыме радыёмаяка. Тым не менш, і гэтага можа быць дастаткова для некаторых адукацыйных задач. Тут ключавым з’яўляецца тое, што апарат менавіта наш, мы можам выдаваць на борт каманды, не баючыся, што нешта на борце паламаем.

Ці лічыце вы смецце ў космасе сур’ёзнай праблемай? Прадугледжана ці утылізацыя ў вашых спадарожнікаў пасля выкарыстання?

— Пакуль смецце не з’яўляецца значнай праблемай, хоць пару разоў за два гады нас папярэджвалі з расейскай службы кантролю касмічнай прасторы аб небяспечным збліжэнні з іншымі штучнымі аб’ектамі на арбіце. Тым не менш, калі колькасць апаратаў будзе расці тымі ж тэмпамі, як цяпер, праблема непазбежна паўстане, таму мы цікавімся тэхналогіямі зводу спадарожнікаў з арбіты. Як варыянт, разглядаем тэхналогію расчыняючыхся канструкцый, якая выкарыстоўваецца на апараце «Маяк» распрацоўкі Універсітэта машынабудавання пад кіраўніцтвам Аляксандра Шаенка.

Складнікі вашых спадарожнікаў айчынныя? Які працэнт замежных складнікаў?

— Элементная база на 80 % імпартная. Пры гэтым агрэгаты больш высокага ўзроўню, т. е. прыборы і сістэмы, на 90 % нашы, і мы імкнемся да 100 %. Разглядаем магчымасці расійскай элементнай базы, ёсць цікавыя варыянты.

З якімі кампаніямі супрацоўнічаеце, магчыма, таксама прыватныя? Толькі расійскія або замежныя? Магчыма, ўзаемадзейнічаеце, абменьваецеся вопытам або жорсткая канкурэнцыя?

— Жорсткай канкурэнцыі ў нас няма, хоць часам хтосьці і «натопча» незадоўга перад нашым з’яўленнем у тых ці іншых заказчыкаў. Напрыклад, ангельская кампанія SSTL. А ў агульным, мы, хутчэй, супрацоўнічаем з партнёрамі, напрыклад, дапамагаем з заказчыкамі ў выпадку, калі самі па тых ці іншых прычынах не можам выканаць нейкую працу; аналагічна, дапамагаюць і нам.

by37-pershaprahodtcy-pryvatnai-kasmanaytykі-y-rasіі-sputniks_07
Якія ў вас адносіны з іншымі касмічнымі прыватнымі кампаніямі (КосмаКурс, Dauria Aerospace, SpaceX і гэтак далей)?

— Мы занялі розныя нішы ў сферы мікраспадарожнікавых тэхналогій, так што нашы інтарэсы фактычна не сутыкаюцца. Хутчэй, наадварот: мы, напрыклад, супрацоўнічаем з Даўрыей, рыхтуемся да супрацоўніцтва з КосмаКурсам, выканалі цікавую працу для Яліні. Са SpaceX пакуль не супрацоўнічалі, але, спадзяемся, рана ці позна, нашы дарогі перасякуцца: тут, або на калязямнай арбіце, або на Марсе.

Супрацоўічаеце з інстытутамі і універсітэтамі? Можа, лекцыі праводзіце або бераце практыкантаў?

— Так, мы з задавальненнем супрацоўнічаем з слушнымі камандамі, настроенымі на канкрэтны вынік, з універсітэтаў і навуковых арганізацый, прамысловасці. Гэта і Інстытут прыкладной матэматыкі ім. М. В. Келдыша (праф. М. Ю. Аўчыннікаў), і НДІЯФ МДУ (нататка —  Навукова-даследчы інстытут ядзернай фізікі ім. Д. В. Скобельцына Маскоўскага дзяржаўнага універсітэта імя М. В. Ламаносава), Інстытут касмічных даследаванняў, МФТІ (нататка — Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут), Самарскі і Сібірскі аэракасмічныя універсітэты, НВА ім. Лавачкіна (нататка — Навукова-вытворчае аб’яднанне ім. С. А. Лавачкіна), МАІ (нататка — Маскоўскі авіяцыйны інстытут), Універсітэт машынабудавання (А. Шаенка) і шэраг іншых. Бярэм практыкантаў, у тым ліку замежнікаў; у гэтым годзе іх будзе амаль дзесяць чалавек — з МГТУ ім. Баумана, з Сколтэха. У нас цікавыя праекты для іх — самі б імі займаліся, калі б час быў. У траўні, сумесна з Універсітэтам машынабудавання, дарэчы, мы арганізуем ў рамках World Skills Russia 2016 новую кампетэнцыю «Інжынер касмічных сістэм», куды запрашаем каманды прыватных касмічных прадпрыемстваў і традыцыйнай касмічнай прамысловасці паспрабаваць паспаборнічаць у зборцы мікраспадарожнікаў з стандартных кампанентаў і правесці яго наземныя выпрабаванні. Упэўнены, гэта будзе цікавае відовішча!

Вам падабаецца ваша праца?

— Так, вельмі. Яна вельмі шматгранная гэтая дзейнасць, але, так ці інакш, яна дае мне магчымасць рэалізаваць свае ідэі і нават паўплываць дзесьці на касмічную будучыню сваёй краіны. Бывае цяжка, але, у цэлым, яна дастаўляе задавальненне.

Якія планы на будучыню? Не плануеце змяніць, пашырыць сферу дзейнасці?

— Так, нам трэба расці, імкнучыся да ўдасканалення тэхналогій і спрабуючы ствараць усё больш складаную тэхніку каcмічнага прызначэння, пры гэтым, не забываючы пра яе камерцыйную эфектыўнасць і канкурэнтаздольнасць. Нам трэба гадаваць новыя інжынерныя кадры, якія рана ці позна прыйдуць да нас працаваць, гэта таксама частка нашай місіі. У цэлым жа, у мяне ёсць бачанне развіцця касманаўтыкі ў нашай краіне і ў свеце, і мы хочам крок за крокам ісці ў бок яе рэалізацыі. Дарогу здужае ідучы.

Можа, хочаце нешта дадаць: жыццёвыя прынцыпы, меркаванні пра індустрыю, пра працу ці яшчэ што-небудзь?

— У краінах з чыста рынкавым падыходам прыватны космас, відаць, гэта вышэйшае дасягненне, галоўнае мэтапакладанне. Але я ўпэўнены, гэты падыход мае свае межы прымянімасці.

З рынкавага пункту гледжання, што б не казаў І. Маск аб палёце да Марса і «Духе яўнага наканавання ЗША» (Manifest Destiny), гэты праект ніколі не зможа быць прыватным ў сілу велізарных выдаткаў і немагчымасці акупіць іх у агляднай будучыні.

Я думаю, космас — гэта не рынак, гэта ідэя. Ён проста патрабуецца чалавецтву, кожнаму з нас па ўласных прычынах: жадання свабоды, новых адкрыццяў, падарожжаў, незалежнасці і гэтак далей. Але, каб накіраваць добраахвотныя намаганні чалавецтва на рэалізацыю ідэі, патрабуецца зразумелае мэтапакладанне. Тут варта сказаць усім, што космас — ён не для ваенных, не дзеля супермэнаў, навукоўцаў або інжынераў, ён — для кожнага з нас, і мэтай магло б з’яўляцца стварэнне камфортных умоў для пражывання ў калязямной прасторы сярэднестатыстычнага чалавека. Тады задача прыватных кампаній, падобна нашай, зводзіцца да развіцця адпаведных тэхналогій, якія маюць пры гэтым дадатак да рашэння бягучых «зямных» задач. Гэта наш шанец, і шанец многіх іншых прыватных касмічных кампаній, якія, я ўпэўнены, яшчэ з’явяцца ў нашай краіне.

BE_Brest-Belarus

Брэст

Беларусь