Мы ўсе чагосьці баімся. Нейкія страхі (змей ці ядавітых павукоў) не асабліва моцна ўплываюць на наша жыццё — можна пражыць усё жыццё ў паўночнай краіне і ніколі ўжывую не ўбачыць такіх экзатычных жывел. Дарэчы, у дадзеным выпадку страх абсалютна натуральны, бо і змеі і атрутныя павукі ўяўляюць чалавеку небяспеку і такая рэакцыя арганізма на патэнцыйную шкоду целу абсалютна нармальная. Само сабой, ёсць і надуманыя фобіі, якія ў навакольных выклікаюць ўсмешку. Зрэшты, ёсць страхі, якія кардынальным чынам бяруць над намі верх і адзін з іх хочацца сення разабраць.
У развітых краінах гэты страх, увогуле, ніяк не адчуваецца, хоць, напэўна, ёсць выключэнні. Аднак у краінах, дзе ўся ўлада сканцэнтравана ў адных руках і не мяняецца гадамі або дзесяцігоддзямі, такі страх прысутнічае. У большасці сваей гэта падаўленыя дыктатарамі і палітыкамі краіны, дзе няма свабоды слова, але затое прысутнічае пакаранне за іншадумства. Краіны гэтыя ў асноўным слабаразвітыя, насельніцтва жыве ў беднасці. Упор у такіх дзяржавах робіцца на моцнае войска і сілавыя структуры, гатовыя здушыць любы пратэст і, проста кажучы, разарваць любую мірную дэманстрацыю.
Па якойсцi (нейкай) прычыне пра гэты страх не прынята гаварыць, што ў развітым свеце, што ў тым, якi толькi развіваецца. Апазіцыйныя палітыкі цяперашняй улады разважаюць пра многае: паказваюць на некампетэнтнасць цяперашняй улады, ствараюць справаздачы аб карупцыйнай дзейнасці кіраўнікоў, праводзяць расследаваннi палітычных забойстваў, гавораць прыгожыя словы пра тое, што «будзем жыць, як у развітых краінах» і спрабуюць пераканаць насельніцтва паверыць ім. Некаторыя, страціўшы надзею, нават папракаюць большасць людзей за іх інертнасць, безыніцыятыўнасць, слабасць — увогуле, ва ўсіх заганах большасці.
Такі падыход не зусім правiльны і толькі даказвае, што апазіцыйныя палітыкі ў першую чаргу з’яўляюцца палітыкамi, а ўжо потым простымi грамадзянамi сваіх краін. Адкуль такое меркаванне? З-за страху — таго, пра які даўно пара загаварыць, і якім пранiзаны ўвесь соцыум задушаных краін — палітычнага страху. Менавіта з яго трэба пачынаць дыялог з насельніцтвам, а не казаць, што цяперашняя ўлада злачынная (гэта ўсім вядома) і папракаць большасць у тым, што яны інэртныя.
Перш чым патлумачыць паняцце «палітычнага страху», варта падумаць пра страх ўвогуле. Што такое страх? Чаго больш за ўсё баіцца чалавек? Чым ён даражыць больш за ўсё? Цалкам верагодна, што для большасці людзей вышэйшым дабром і каштоўнасцю з’яўляецца іх жыцце, фізічнае здароўе, а таксама жыцце блізкіх ім людзей і іх здароўе. Практычна любы страх прарастае з гэтага першароднага страху, які закладзены ў нас на генетычным узроўні, якога немагчыма пазбегнуць, — страх сваей смерці, фізічнага болю, або болю сваіх блізкіх.
Гэтага страху не толькі немагчыма пазбегнуць, але і не трэба пазбягаць. Гэта тое, што аб’ядноўвае ўсіх людзей, якія жывуць у свеце ўвогуле, і рэпрэсаваных краінах у прыватнасці. Гэта тое, чаго не трэба саромецца. Бо прызнацца ў сваiм страху – гэта першы крок да яго пераадолення. Зрабіць гэта нялёгка з-за ціску навакольных, якія ўспрымаюць такія рэчы, як прыкмета слабасці, хоць гэты страх толькі даказвае нашу чалавечнасць і нашу недасканаласць.
У несвабодных краінах увесь соцыум прыгнечаны страхам. Гэтым простым страхам за сваю бяспеку, свае жыццё і здароўе. Пакуль у еўрапейскіх краінах паліцэйскі – гэта чалавек, які дапаможа і ўратуе, у іншых – гэта той, якога пазбягаюць прахожыя, імкнуцца моўчкі прайсці, і наогул нават не сутыкацца, чакаючы ад яго чаго заўгодна: папяровай цяганіны, арышту на пустым месцы, бяздзейнасці ў небяспечнай сітуацыі, але не абароны. Пакуль у свабодных краінах грамадзяне гатовыя выказваць свае думкі, дыскутаваць, спрачацца, і пры гэтым заставацца сябрамі, у несвабодных краінах людзі трымаюць свае меркаванні пры сабе, прамацваюць субяседніка на палітычную пазіцыю: ці можна з ім свабодна пагаварыць і ўжо ў адкрытую сказаць тое, што думаеш аб цяперашняй сітуацыі. У некаторых краінах паняцце свабоды настолькі згублена, што людзей забіваюць за такія базавыя рэчы, як колер скуры, сэксуальную арыентацыю ці меркаванне.
Соцыум у несвабодных краінах разрознены, разарваны уладай. Людзі, занятыя толькi выжываннем, у навакольных людзях бачаць ворагаў, якія могуць прынесці бяду, але не саюзнікаў, з якімі можна змяніць сітуацыю. Менавіта страх паралізуе ўсё насельніцтва: страх, што пра цябе падумаюць людзі, твае сябры, твае родныя; страх, што цябе арыштуюць, складуць пратакол, пазбавяць працы, завядуць судзімасць, пасадзяць у турму, зламаюць нешта, паб’юць, зробяць нешта тваей сям’і, пачнуць праследаваць і пагражаць, або заб’юць.
Гэты страх выдатна падтрымліваецца перыядычнымі ганеннямі вядомых апазіцыянераў ці журналістаў, а таксама іх забойствамі. Калі змаўкае тэлевізар, пачынае гаварыць Большасць. У несвабодных краінах Большасць не дае забыць гэты страх, страх выказацца, нешта зрабіць, нешта ў адкрытую падтрымаць, у адкрытую асудзіць. У яшчэ больш таталітарных краінах улада папросту знішчае людзей, адкрыта абвяшчаючы іх ворагамі народа або тымi, што ім у галаву прыйдзе.
Менавіта гэты страх невядомы свабодным грамадзянам, якія нарадзіліся ў свабодных краінах, якіх выхавалі свабодныя бацькі, прабацькі і свабодны соцыум. Менавіта гэты страх, які так зразумелы грамадзяніну несвабоднай краіны, зусім незразумелы грамадзяніну свабоднай краіны, які, напэўна, можа падумаць, што большасць нашай планеты жыве ў галечы і карупцыі з-за ляноты і бяздзейнага ладу жыцця. Гэта не так. Калі чалавек нараджаецца ў несвабодным асяроддзі, жыве ў несвабодным асяроддзі і гэтае асяродзе падтрымліваецца пастаяннымі порцыямі страху, то вельмі цяжка змяніцца, перамагчы гэты страх. Асабліва калі цябе накшталт і не чапаюць і ў цябе ёсць любімая ў некаторых краінах «стабільнасць», а таксама «толькі б не было вайны».
Гэты страх асноватворны і яго складана перамагчы, але магчыма. Як бачыцца, ёсць два шляхі. Каб перамагчы страх смерці і болю, трэба быць на мяжы смерці. У такую сітуацыю трапіў Арон Ралстон (Aron Ralston). Арон альпініст, і ў 2003 годзе яго рука затрымалася пад валуном. У такой сітуацыі ен пратрымаўся каля шасці дзен, але, калі правізія скончылася, застаўся толькі адзін выхад — ампутацыі рукі. Менавіта безвыхаднасць сітуацыі і страх смерці пабаролі боль.
Другая магчымасць перамагчы страх — самаахвяраванне. Прыкладам можа паслужыць Шаварш Карапецян. У 1976 годзе ен выпадкова апынуўся на месцы падзення тралейбуса ў возера. Нядоўга думаючы, пры нулявой бачнасці ен разбіў нагамі задняе акно тралейбуса на глыбіні дзесяці метраў і пачаў ратаваць людзей. З дзевяноста шасці пасажыраў ен выратаваў дваццаць. Ўсе цела Шаварша было парэзаны асколкамі акна, ен цяжка захварэў на пнеўманію і пасля выздараўлення не змог працягнуць сваю спартыўную кар’еру.
З гэтых прыкладаў можна вывесці два варыянты падзей у несвабодных спалоханых краінах. Дыктатары і палітыкі не вечныя і таксама смяротныя, як і ўсе, таму рана ці позна любы рэжым пачне слабець. Першы варыянт падзей адпавядае сітуацыі Арона — адцягваць да апошняга, чакаючы дапамогі звонку, праядаючы свае рэсурсы і запасы, а потым, калі не будзе выхаду, і адзін страх зацемніць іншы, тады вырываць свабоду крывею, болем, змаганнем, адчаем, жорсткасцю і гвалтам.
Другі варыянт больш туманны і незразумелы — імпульсіўна паступіць, уступіць у будучыню, не ведаючы, што там цябе чакае і што будзе, якім будзе кошт гэтага ўчынку для далейшага жыцця. Вядома, гэта палохае, але гэтая праблема нікуды не пойдзе і ніхто яе не вырашыць, акрамя грамадзян сваёй краіны. Гэтая праблема пяройдзе ад дарослых, іх дзецям, потым іх унукам і гэтак далей. Калі ў сабе няма сіл знайсці тое, чым перамагчы страх, варта шукаць сілы ў сваім асяроддзі: жонкі, мужа, дзяцей, унукаў, бацькоў, сяброў. Можа хтосці і згодзен цярпець усе нязручнасці сам, але дазволіць гінуць сваім сваякам з-за сваей бяздзейнасці — гэта ўжо складаней.
Трэба разумець што страх ёсць у кожнай несвабоднай краіне і яе насельніцтве. Любы палітык павінен быць чалавекам у першую чаргу і ўжо дакладна не павінен баяцца прызнацца ў страху за свае жыцце. Менавіта з гэтага і варта пачынаць дыялог з насельніцтвам. Менавіта гэта адчуваюць усе, але ніхто не гаворыць пра гэта адкрыта. Напэўна гэта і павінна быць аб’яднаўчым фактарам насельніцтва — прыняцце свайго страху, аб’яднанне і калектыўнае дзеянне. Ніякая ўлада, армія або спецназ не змогуць супрацьстаяць ўсяму насельніцтву краіны — велізарнай масе людзей, якія хочуць жыць лепш.
***
Па чыстай выпадковасці дадзены артыкул напісана за дзень да гадавіны смерці расейскага апазыцыйнага палітыка — Барыса Нямцова, якога забілі насупраць маскоўскага Крамля 27 лютага 2015 года. Такія дзерзкія забойствы даходзяць да адрасатаў — грамадзян несвабодных краін, і падтрымліваюць у іх той жыццева неабходны ўладам страх.
Хацелася б прысвяціць дадзены артыкул гэтаму чалавеку, даведаўшыся аб смерці якога год таму я падумаў, што ніхто не ў бяспецы, бо Барыс Нямцоў быў забяспечаным і вядомым чалавекам, жыў у цэнтры Масквы, быў паважаны многімі і ведаў дзяржаўную сістэму знутры.
Спачатку мне не хацелася публікаваць фатаграфій з целам Барыса Нямцова, бо яшчэ ўчора моцны і здаровы чалавек сення ляжыць мертвым у чорным пакеце. Але, мне здаецца, гэта трэба бачыць. Усім варта разумець, што ў несвабоднай краіне нішто цябе не выратуе — ні вядомасць, ні грошы, ні сувязі — абсалютна нічога.
Гэты артыкул з’яўляецца зваротам да ўсіх грамадзян несвабодных краін. Мы ўсе розныя, але ў нас ёсць нешта агульнае: мы ўсе жывём у страху. Ён дзесьці там, зусім глыбока закапаны, забыты, мы не думаем пра яго, мы яго пазбягаем. Гэта робяць усе, нават вядомыя людзі. Мне здаецца, гэта зусім няправільна. Каб пераадолець праблему яе трэба прызнаць. Першым крокам да аб’яднання ўсяго грамадства павінна быць кропка судотыку. У несвабодных краінах гэта — страх.
Мы ўсе перажываем за сябе, сваіх блізкіх, родных, сваё жыцце і здароўе. І гэта нармальна. Асабліва, калі нам здаецца, што мы адны і наш голас ніхто не чуе.
Варта не раскідваць палкія прамовы, якія любяць некаторыя палітыкі, а спакойна размаўляць з людзьмі. Я пачну. Мне — страшна.
А вам?
Каментары