Калі заўтра Беларусь стане часткай Расеі, то беларусам стане толькі лепш. Цяперашняя «незалежнасць» — фэйк. Ва ўсіх сферах жыцця мы узнаўляем альбо Савецкі Саюз, альбо Расею.


Незалежнасці няма

Эканамічна мы цалкам залежныя ад усходняга суседа.

by95-bielarusam-budzie-leps-u-rasiei-a-nie-u-niezaleznaj-bielarusi_03

Дзевяностыя. Расея ідзе на дно — мы за ёй, хоць у суседняй ад нас Літвы з тым жа Савецкім багажом у той жа час даўно ўжо ідзе рост. Расея ідзе на дно з-за Украіны — мы за ёй у наступным годзе. У Расіі плануюць «падатковы манеўр», у нас пачынаюць казаць аб страце «незалежнасці».

Эканамічная залежнасць вядзе за сабой палітычную. Ці можам мы адмовіцца ад рускай мовы і перайсці на беларускую (калі захочам усім грамадствам), не пачуўшы папроку ад старэйшага «брата»? Сумняваюся. Ці можам мы акрэсліць еўрапейскі курс развіцця, калі ў грамадстве будзе кансенсус па гэтай нагодзе, і спакойна рэалізоўваць яго? Сумняваюся. Будзе стандартнае «Амерыканскія лялькаводы зрабілі Майдан на Беларусі».

Палітычна, калі Беларусь і беларусы з Расеяй, то ўсё окей-гэта «выбар народа», а калі з Захадам, то — «выбар амерыканцаў, заакіянскае маніпуляванне».

Пяройдзем да пытання бяспекі. Беларусы вельмі не хочуць новай вайны, таму яны бяруць шлях Швейцарыі, якая не знаходзіцца ні ў палітычным саюзе ЕС, ні ў ваенным НАТА, і робяць наадварот: ўступаюць у шматлікія саюзы з Расіяй, уключаючы вайсковыя. Мы складаемся з Расеяй у Саюзнай дзяржаве, ЕАЭС, СНД і АДКБ.

Паводле канстытуцыі мы ставім мэтай «зрабіць сваю тэрыторыю бязядзернай зонай, а дзяржаву — нейтральнай», а ў гэты ж час праводзім вайсковыя вучэнні з Расеяй і адначасова баімся, што ў нас будуць расейскія вайсковыя базы на тэрыторыі Беларусі.

Пра культуру нават неяк сорамна казаць. У нас яе няма. Вуліцы названыя ў гонар рускіх і расейцаў, кніжныя паліцы ў кватэрах заваленыя рускімі класікамі, гаворым і мыслім па-руску. Тэлебачанне — расейскае. Некаторыя музыкі і групы з’язджаюць у Расею, дзе і застаюцца. Дзесьці на ўскраінах гарадоў чамусьці назвалі парачку вуліц у гонар беларусаў часоў ВКЛ, якіх мясцовыя лічаць палякамі, бо нават нашы імёны і прозвішчы звычайныя расійскія.

У інтэрнэце мы карыстаемся расейскімі сэрвісамі, самыя паспяховыя з якіх захапілі расейскія ж спецслужбы і алігархі. У культурным плане мы спажываем усе тыя ж расейскія сайты, ведаем усе расейскія мемы.

Вядома, можна пад лупай знайсці некалькі каталікоў, даваенных будынкаў у заходняй частцы краіны і выдаць гэта ўсё за нашу «еўрапейскасць». Толькі ў грамадстве гэта ўспрымаецца «польскай спадчынай».

Самы вялікі струмень турыстаў у Паўночна-Заходні край ідзе з Расеі, ды і самі беларусы ездзяць на вучобу і працу на усход. Нашымі кампаніямі часцяком валодаюць расейцы і Расея. Царква ў нас Маскоўскага патрыярхату.

Можна і далей працягваць, і сутнасць не зменіцца. За амаль трыццаць гадоў незалежнасці самае «незалежнае», што зрабілі беларусы — перайменавалі «Беларуссію» у «Беларусь» і на гэтым спыніліся. Гэта быў настолькі радыкальны крок, што нават вырашылі пакінуць «белорусский» і «белорус» ад «Белоруссии». Пайшлі б далей — было б «якнаукраіне».

Заўтра Беларусь стане Расеяй. Ці стане беларусам лепш?

Пэўна. Па-першае, сыдзе гэтая бескарысная паказуха з беларускай мовай і «культурай» у школах і дакументах. Нікому гэта не трэба. Стануць нармальныя знакі на дарозе і будынках. Дзеці ў школах будуць вучыць вялікую рускую літаратуру, а не гэта беларускае непаразуменне. Замест беларускай мовы можна будзе дадаць урокаў нармальных моў — англійскай, нямецкай ці французскай.

Будзе нарэшце-то адзіная палітычная і эканамічная сістэма, адна мяжа і адно войска. У нас будзе адна армія, якая будзе абараняць нас ад агрэсіі Захаду. Чорт падзяры, ды ў нас будзе велізарная краіна (як раней!) з «бязмежнымі прасторамі», бясконцая колькасць магчымасцяў пад назвай «Масква» і «Санкт-Пецярбург». У бізнесу з’явіцца 146 мільёнаў кліентаў, школьнікам будзе прасцей і больш зразумела паступіць у добрыя расійскія ВНУ.

Усе беларусы стануць расейцамі. Гэта значыць будуць мець расейскі пашпарт. Расейскі пашпарт лепш беларускага для турызму, у Расеі дазволена падвойнае грамадзянства, калі вы раптам захочаце іміграваць і вяртацца дадому. З расейскім пашпартам лягчэй працаваць і вучыцца ў Расіі — не трэба быць імігрантам. Можна галасаваць і падаваць у ЕСПЧ, так як Расея, у адрозненне ад Беларусі, з’яўляецца членам Савета Еўропы. Акрамя гэтага, у Расеі забаронена смяротнае пакаранне.

Расея таксама ў разы больш развітая эканамічна, чым Беларусь, таму пры уступленні ў Расею беларусы атрымаюць доступ да высакаякасных расійскіх сэрвісаў і банкаў, якія не параўнаюцца з беларускімі.

У Беларусі будзе доступ да таннага паліва, газу. Не патрэбна будзе страхоўка на машыну, калі едзеш у Расею.

Вядома, можна сказаць, што мы станем забытай правінцыяй Расіі, але хутчэй за ўсё наадварот —адным з самых квітнеючых рэгіёнаў. Мы будзем самай заходняй часткай краіны, куды будуць сцякацца расейцы, каб жыць «бліжэй да Еўропы». Клімат у нас мякчэй, гарады акуратней, так і расейцы станоўча ставяцца да Беларусі і беларусаў. Мы таксама станем «стратэгічнай тэрыторыяй» у ваенным сэнсе, а таксама нованабытай тэрыторыяй, якую трэба адорваць за кошт сібірскіх абласцей.

Усё ў нас будзе добра ў Расеі. І заробкі падымуцца, і пенсіі. Сталіца наша будзе трэцім найбуйнейшым горадам Расіі пасля Масквы і Санкт-Пецярбурга — нядрэнна. Сыдзе, нарэшце, гэты жудасны аграшык, і ў нас пачнуць з’яўляцца нармальныя сучасныя будынкі і грамадскія прасторы.

Не варта забываць і аб тым, што ў Расіі больш палітычных свабодаў, чым у цяперашняй Беларусі. Калі ў Расеі палітычнае жыццё няшмат, але кіпіць, ёсць папулярныя апазіцыйныя палітыкі накшталт Аляксея Навальнага, то ў Беларусі ў гэтым плане нашмат горш — людзі проста адышлі з палітыкі.

Страта незалежнасці — не канец святла

Цяперашняя «незалежнасць» нічога не вартая. Яна бескарысная ў сваім выглядзе. Так, у школе дзяцей вучаць (чамусьці) беларускаму, ёсць парачка вуліц у гонар «беларусаў» і краіна называецца «Беларуссю». Вось і ўсё. Ні дэмакратыі, ні свабоды, ні квітнення ў краіне няма. Большасць беларусаў і так арыентуецца на Расею і да гэтага часу не вырашыла, што рабіць са сваёй «беларускасьцю» і «незалежнасцю».

Хутчэй за ўсё, у складзе Расеі будзе лепш і прасцей жыць. Расея і багацей і больш развітая па многіх жыццёвых аспектах. Так што не трэба баяцца страты «незалежнасці».

Пра яе больш за ўсё кажуць апазіцыянеры і патрыёты краіны, многія з эміграцыі. Але трэба аддзяляць свае асабістыя «хацелкі» ад рэальнай сітуацыі. Так, вядома, незалежная квітнеючая беларуская дзяржава, дзе ты дома — гэта класна. Мара. Але яе няма. Ёсць адсталы спадчыннік Савецкага Саюза, які чамусьці называецца «Беларуссю». Насельніцтва краіны гэта адчувае і за трыццаць гадоў так і не раскусіла гэтую «беларускасць». Магчыма, для адчування сваёй «беларускасці» беларусам і варта стаць расейцамі.

Апошні «саюз» Германіі і Аўстрыі павярнуўся катастрофай і ператварыў абедзве краіны ў ліберальна-дэмакратычныя дзяржавы, чыё насельніцтва ўжо не фантазіруе аб Імперыі, а Аўстрыя ўспрымаецца асобнай дзяржавай. Магчыма, такім жа шляхам будуць развівацца адносіны Беларусі і Расіі. А можа і не будуць.

Калі беларусам сапраўды (будзе) каштоўна незалежнасць, то рана ці позна яны яе атрымаюць: ператвораць цяперашнюю «незалежнасць» у рэальную ці зноў стануць асобнай дзяржавай пасля чарговага паглынання Расеяй.

Калі ж беларусам яна не патрэбная, то ёсць шмат еўрапейскіх краін, якія ўключаюць у сябе разнастайныя гістарычныя рэгіёны і жывуць у міры і росквіце. Да прыкладу, Баварыя цалкам сабе ўжываецца ў Германіі. Ёсць яшчэ варыянт Вялікабрытаніі — саюз з вялікімі свабодамі ў кожнага рэгіёну. Па аналогіі ў рускай мовай у Брытаніі дамінуе англійская мова, і мала што з гэтым зробіш.

У выніку

У цяперашнім выглядзе Беларусь з’яўляецца беднай і нялюбай дзяржавай, якая цалкам залежыць ад Расеі. Бараніць яе цяперашнюю «незалежнасць» проста няма сэнсу, улічваючы, што беларусам большасцю будзе лепш жыць у Расеі.

Як бы ні хацелася бачыць Беларусь квітнеючай і па-сапраўднаму незалежнай, я ўсё ж схіляюся да таго, што Беларусь усё далей будзе збліжацца з Расеяй, а самі беларусы не будуць супраць гэтага.

Магчыма, беларусам проста не патрэбная Беларусь і, магчыма, варта паглядзець гэтай праўдзе ў вочы.

Ці, магчыма, беларусы адчуюць сваю беларускасць толькі ў вострым канфлікце з Расеяй. Час пакажа.